Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая сустрэча зь Мікітам Мелказёравым. І апошняя. Распавядае Аляксандар Лукашук


Мікіта Мелказёраў. Архіўнае фота
Мікіта Мелказёраў. Архіўнае фота

Апошнім госьцем у апошні дзень жыцьця Мікіты Мелказёрава быў былы дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Ён распавядае, як прайшла іх сустрэча.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Учора, у суботу, мы правялі зь Мікітам Мелказёравым чатыры гадзіны перад камэрамі студыі на варшаўскай вуліцы Aleji Ujazdowskie. Гэта была наша першая асабістая сустрэча, таму не магу параўноўваць, горш ці лепш ён выглядаў, але чатыры нялёгкія гадзіны запісу ён адпрацаваў на адным дыханьні. Дакладней, на двух — мы ўсё ж зрабілі перапынак на каву пасьля першых дзьвюх гадзінаў. Мікіта тэлефанаваў дадому — там была нейкая праблема, ён пераймаўся, казаў што ратуе свайго сабаку, перапытваў як што.

Мікіта выглядаў як звычайна на экране — прыгожы, моцны малады чалавек, упэўнены, добра падрыхтаваны. Можа, твар быў бледны, вочы трохі праваліліся, але я ня ведаў, ці гэта ад самаадчуваньня, ці ад лёгкага макіяжу. Ды і гутарка была няпростая, тэмы — ад маіх кніжак да Радыё Свабода, ад журналісцкай этыкі да архіваў КДБ, ад прэзыдэнта Трампа да Зянона Пазьняка, ад Сьвятланы Алексіевіч да Крыма і палітвязьняў. Пытаньні былі не выпадковыя. Незадоўга перад тым Мікіта зрабіў цэлую перадачу паводле маёй апошняй кнігі «Гульня ў Освальда», прыемна ўразіўшы дакладным веданьнем тэксту і разуменьнем ключавых момантаў, добрым падборам відэашэрагу.

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

Таксіст пераблытаў адрасы, і Мікіта выйшаў мне насустрач, з паўкілямэтра мы ішлі разам, даволі хутка, ён узяў маю валізку (я адразу меўся адправіцца ў аэрапорт), лёгка падняўся па лесьвіцы. Нас чакала яго каманда, і неўзабаве пачаўся запіс — у добрым тэмпе, але нязмушаны, нават без асаблівых перабівак, мадэратар цярпліва даваў дагаворваць да канца.

Пра інтэрвію ён пачаў дамаўляцца некалькі месяцаў таму, але толькі ўчора пляны зьдзейсьніліся. Гэта была наша першая асабістая сустрэча, хоць мы, канечне, ведалі адзін пра аднаго. Таленавіты, дынамічны «Жыцьцё маліна» — асалода, перадача ўпэўнена стала зьявай у прафэсіі, вядучы стаў зоркай, супрацоўнічаў з Белсатам, іншымі СМІ.

«Я неафіт», — казаў ён пра сваю апантанасьць беларушчынай. У мяне склалася ўражаньне інтэлігентнага, моцнага, шчырага, сучаснага, стылёвага, зь вялікім прафэсійным патэнцыялам чалавека — гэта, магчыма, было самае прыемнае знаёмства гэтага году.

Адной з тэмаў гутаркі, якая цікавіла Мікіту, была журналісцкая памяць, дакладней, успаміны журналістаў. Мы гаварылі, што іх, на жаль, мала, што журналісты маюць адказнасьць перад прафэсіяй, перад гісторыяй, што такая мэмуарыстыка — патрэбная, неабходная ня толькі для мінулага, але для будучыні.

Спадзяюся, каманда, якая працавала зь Мікітам, ведае, што рабіць зь яго апошнім інтэрвію. Бо Мікіта ўжо там — у будучыні. В.П.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG